Валожын ніколі не меў рэпутацыі вялікага спартыўнага цэнтра, няшмат адсюль выйшла і спартыўных знакамітасцей. Аднак статус райцэнтра, колькасць насельніцтва (36,5 тысячы – у раёне і 10,5 – у райцэнтры) абавязвае да таго, каб людзі ўсё ж такі мелі магчымасць займацца спортам, вялі здаровы лад жыцця, правільна, а гэта значыць, з карысцю, адпачывалі.
Па статыстыцы толькі кожны дзесяты гараджанін займаецца спортам, на вёсцы – яшчэ менш. Што стаіць за гэтымі паказчыкамі, якой спартыўнай базай валодае горад і раён, якія ўмовы рэальна створаны для заняткаў фізічнай культурай і спортам дарослым і асабліва дзецям, мы і паспрабавалі высветліць.
Начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Інга Малашкевіч зазначыла, што ў раёне налічваецца больш за сто дзейнічаючых спартыўных аб’ектаў, сярод якіх ФАЦ “Надзея”, комплексная спартыўная пляцоўка для рухомых гульняў у мікрараёне Сельгастэхніка, ДЮСШ, 6 трэнажорных, 28 спартыўных залаў аддзела адукацыі, 3 стралковыя ціры і звыш 70 адкрытых спартыўных пляцовак. Аб’ектамі нумар адзін, безумоўна, з’яўляюцца фізкультурна-аздараўленчы цэнтр і пляцоўка ў Сельгастэхніцы. Знаёмімся з іх магчымасцямі.
Цэнтр “Надзея” існуе ўжо крыху больш за чатыры гады. Цэны на фізкультурна-аздараўленчыя паслугі тут зусім не “кусаюцца”. Прычым для дзяцей яны амаль напалову ніжэйшыя. Групы па 10-12 чалавек займаюцца пад кіраўніцтвам інструктара па вечарах пасля працы і ў выхадныя – у час, найбольш зручны для наведвальнікаў. Бясплатна арганізаваны заняткі атлетызмам для юнакоў сельскагаспадарчага ліцэя. ФАЦ “Надзея” працуе і тэрытарыяльна на базе Івянца і Ракава. Тут можна заняцца мужчынскім і жаночым атлетызмам, дзецям – настольным тэнісам. Акрамя таго, у Івянецкім аддзяленні створаны група па шэйпінгу і танцавальная група па брэйк-дансу для дзяцей і падлеткаў. Даспадобы спартсменам-аматарам тэніс, сучасныя трэнажоры і гіравы рад.
Значна добраўпарадкавана летась і комплексная пляцоўка ў Сельгастэхніцы. Тут устаноўлены новая агароджа і вароты, пабудаваны санвузлы. Наступным крокам стане прывядзенне ў належны стан трыбун і асвятлення. Пляцоўка пакрыта натуральным грунтам і прызначаецца ў асноўным для спаборніцтваў па футболе і масавых мерапрыемстваў.
Падрыхтоўкай спартыўнага рэзерву займаецца ДЮСШ, якая працуе ў двух накірунках: агульная фізічная падрыхтоўка і лёгкая атлетыка. Усяго ў школе займаецца 329 дзяцей. Хлопчыкам і дзяўчынкам у райцэнтры прапануюць наведваць секцыі па футболе і баскетболе. Аддзяленне ў Івянцы спецыялізуецца на лёгкай атлетыцы. Акрамя таго, у кожнай установе адукацыі і выхавання раёна працуюць спартыўныя секцыі. Культывіруемыя віды спорту – лёгкая атлетыка, баскетбол, футбол, тэніс. Усе заняткі ў іх бясплатныя. Карыстаюцца попытам сярод школьнікаў і спартыўныя платныя паслугі, напрыклад, шахматы. Вялікая ўвага надаецца ў апошні час развіццю воднага і веласіпеднага турызму ў раёне. Камерцыйныя веласіпедныя і водныя прагулкі арганізуе ДЮСШ. Маркіраваныя веламаршруты са стаянкамі распрацоўваюць і гаспадары аграсядзіб, у прыватнасці, такі ёсць у загарадным клубе “Фестывальны”.
Аматары зімовых відаў спорту заўсёды могуць задаволіць сваё жаданне і пакатацца на каньках, лыжах. Абы не падводзіла надвор’е. Акрамя гарадскога возера, лядовыя пляцоўкі будуць заліты ў мікрараёне Сельгастэхніка, на тэрыторыі ліцэя, у Івянцы, а таксама на тэрыторыі кожнай навучальнай установы раёна. Турпрадпрыемства “Валожын-спорт” арганізуе пракат канькоў (больш за 100 пар), лыж, іншага спартыўнага і турыстычнага інвентару.
На жаль, пазбаўлены нашы дзеці магчымасці займацца такім прыгожым відам спорту, як мастацкая гімнастыка (яшчэ гадоў 20 назад гэта было даволі рэальна), конным спортам, які, дарэчы, таксама развіваўся ў раёне і меў сваіх знакамітасцей, самба, дзюдо, каратэ, боксам, фігурным катаннем і плаваннем. Такім чынам, для заняткаў фізкультурай і спортам у раёне ўмовы створаны нядрэнныя, але гэтага яшчэ недастаткова. Сучасныя фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры, басейны, стадыёны і пляцоўкі, якія ёсць, напрыклад, у Слуцку, Маладзечне, Смалявічах, Барысаве і іншых гарадах, толькі выклікаюць зайздрасць у юных валожынцаў і іх бацькоў. Хочацца спадзявацца, што гэта пытанне часткова вырашыцца ў бліжэйшыя гады, бо ў райцэнтры запланавана будаўніцтва сучаснага спартыўна-аздараўленчага комплексу.
Святлана СУХАДОЛЕЦ, Працоўная слава