Як паведамiла карэспандэнту “Звязды” галоўны сiноптык Рэспублiканскага гiдраметцэнтра Мiнпрыроды Вольга Фядотава, з пачатку тыдня сярэднясутачная тэмпература на 6—10 градусаў перавысiла клiматычную норму.
Сёння тэрыторыя Беларусi трапiць у зону павышанага цiску, таму дажджоў не будзе. Максiмальная тэмпература паветра — 7—12 градусаў, у Брэсцкай i Гродзенскай абласцях — да 14 цяпла. Аднак ужо ў пятнiцу—суботу чакаецца даволi няўстойлiвае i ветранае надвор’е.
Мяркуецца, што атлантычны цыклон, якi рухаецца з Балтыйскага мора на ўсход, прынясе да нас кароткачасовыя дажджы. У пятнiцу дажджы чакаюцца на паўночным захадзе краiны, а ў суботу будзе iмжэць у большасцi рэгiёнаў рэспублiкi. Тэмпература паветра ў гэтыя днi ноччу будзе вагацца ад 3 да 10 градусаў. Днём у пятнiцу будзе яшчэ цёпла — 9—15, па поўдню — да 17 градусаў. Аднак у суботу стане на 3—5 градусаў халадней.
Iстотнага пахаладання сiноптыкi чакаюць ужо ў нядзелю. Яго прынясуць паўночна-ўсходнiя вятры. Тэмпература паветра 29 кастрычнiка на працягу сутак будзе вагацца ад мiнус 1 да 5 градусаў цяпла. Месцамi чакаюцца ападкi ў выглядзе дажджу, а ў паўночных раёнах — часткова з мокрым снегам.
Паводле папярэднiх прагнозаў айчынных сiноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня стане яшчэ халадней — ноччу будзе падмарожваць ад 0 да мiнус 5 градусаў. На поўначы краiны 31 кастрычнiка — нават да мiнус 8 градусаў. Днём на наступным тыднi тэмпература паветра будзе вагацца ад 0 да 4 цяпла.
Звязда