Сапраўдным перадкалядным падарункам для жыхароў в. Вішнева Валожынскага раёна стаў выхад 14 снежня музычнага альбома, прысвечанага абразу Вішнеўскай Божай Маці.
Дыск складаецца з 8 песняў, агульным гучаннем 40 хвілін. Выданне стала магчымым дзякуючы намаганням настаяцеля касцёла, кс. Юзафа Мільдзюка. Выдавец і аўтар песні “Абраз Божай Маці Вішнеўскай” адзначыў, што альбом зроблены на добрым узроўні ў прафесійным выкананні, за які не будзе сорамна перад шматлікімі турыстамі і прыхаджанамі касцёла. Гэта першае музычнае выданне падобнага характару, зробленае па мясцовай ініцыятыве і цалкам уласнымі сіламі.
Такім чынам кс. Юзафу і прыхаджанам хочацца больш увагі прыцягнуць да справы рэстаўрацыі аднаго з старэйшых касцёлаў Беларусі, вядомага яшчэ з 1424 года.
Нагадаем, што згодна з распараджэннем паседжання Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве Культуры Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2011 года навуковым кіраўніком рэстаўрацыйных работ прызначаны вядомы беларускі мастак і рэстаўратар Алесь Пушкін.