Генадзь Бураўкін ідзе на папраўку. На сённяшні дзень стан яго здароўя ўжо не выклікае занепакоенасці. Магчыма, на наступным тыдні паэт выйдзе з бальніцы.
— Пасля выхадных урачы павінны дакладна вырашыць, калі мяне выпісваць, — распавёў Генадзь Бураўкін. — Сам жа я адчуваю сябе нармальна. Не здаюся. Хачу на волю.
2 лістапада Генадзь Бураўкін быў тэрмінова шпіталізаваны ў Рэспублiканскую бальнiцу Упраўлення справамi прэзiдэнта ў выніку цяжкай алергічнай рэакцыі. У дадатак медыкі канстатавалі ў літаратара збоі ў сардэчным рытме, таму некаторы час Бураўкін правёў у рэанімацыі. Зараз паэт ляжыць у аддзяленні кардыялогii. Па словах медыкаў, праца сэрца нармалізавалася, алергічны ацёк сышоў.
— Дзякуй Богу, усё абышлося, — адзначае Бураўкін. — Хутчэй за ўсё алергічная рэакцыя ўзнікла на лекі, якія я прымаю пасля інфаркта. Відаць, арганізм не вытрымаў і ўзбунтаваўся. У выніку трапіў у бальніцу напярэдадні святаў. Тут адпаведна і сустракаў Кастрычніцкую рэвалюцыю — ляжаў ды піў лекі.
З моманту знаходжання Генадзя Бураўкіна ў бальніцы ягоны мабільны тэлефон не змаўкае. За гэты тыдзень акрамя родных пісьменніка наведалі многія знаёмыя і калегі па творчым цэху. Людзі цікавяцца здароўем паэта і жадаюць яму хутчэйшага выздараўлення.