Паміж Беларуссю і Расіяй дасягнутая прынцыповая дамоўленасць аб вяртанні на радзіму Слуцкіх паясоў. Пра гэта 12 траўня падчас прэсавай канферэнцыі паведаміў намеснік міністра культуры Віктар Кураш. Што расіяне атрымаюць у адказ з беларускіх запаснікоў чыноўнік не патлумачыў спаслаўшыся на нявырашанасць гэтага пытання.
– Проста так жа не забярэш. Таму трэба ствараць ці нейкі абменны фонд, прыкладам, карціну Шышкіна абмяняць на адзін з паясоў. Альбо проста абменьвацца музейнымі экспазіцыямі. Вось два найбольш падыходзячых варыянты, – патлумачыў В.Кураш.
Як вядома, цяпер на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца толькі адзін цэлы Слуцкі пояс. Ён захоўваецца ў Музеі старажытнай беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Гэта дарунак нашчадка князёў Мсціслаўскіх-Заслаўскіх Анджэя Цеханавецкага. Астатнія нешматлікія экземпляры раскінутыя па ўсім свеце. Але большая частка з іх была вывезеная ў Расію.
Аднак Слуцкія паясы не адзіная каштоўнасць, якую беларускія ўлады спрабуюць вярнуць з замежжа на радзіму. Дзеля гэтага створана адмысловая камісія, якая абагульняе інфармацыю пра тыя экспанаты, якія абавязкова павінны знаходзіцца ў беларускіх музеях. І першыя вынікі працы гэтай камісіі ўжо ёсць. Пра іх падчас прэс-канферэнцыі паведаміў кіраўнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Мінкульта Васіль Чэрнік:
– Не так даўно адбылося паседжанне беларуска-польскай кансультатыўнай камісіі па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Вынікам паседжання стала падпісанне двухбаковага пратаколу, згодна з якім польскі бок паабяцаў, калі будзе адкрывацца музейная экспазіцыя палаца-паркавага ансамбля ў Нясвіжы, перадаць Беларусі на дэпазіт партрэты Радзівілаў.
Як лічыць В.Чэрнік, адпаведныя рабочыя групы варта было б стварыць таксама і з удзелам прадстаўнікоў Літвы, Расіі і Украіны:
– Як вядома, і ў Літве, і ў Расіі, і на Украіне ёсць культурныя каштоўнасці беларускага паходжання. Я думаю, што такія камісіі павінны быць створаны, і на іх павінны ўзнімацца пытанні вяртання гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
У бліжэйшых планах рабочай групы па вяртанні каштоўнасцяў – пачаць перамовы з украінскімі ўладамі наконт вяртання ў Беларусь унікальнай бібліятэкі, якую стагоддзямі збіралі ў сваёй сядзібе пад Наваградкам магнаты Храптовічы. У ёй было столькі старажытных і рэдкіх кніг, што шмат хто з гісторыкаў і этнографаў марылі хоць пабачыць яе на свае вочы, не кажучы ўжо пра тое, каб папрацаваць у ёй.
Пакуль улады спрабуюць дамовіцца з дзяржавамі-суседкамі, некаторыя з вывезеных каштоўнасцяў вяртаюцца ў Беларусь у якасці дарункаў. Прыкладам, Марыя Святаполк-Мірская – нашчадніца апошніх уладароў замку ў Міры, перадала ў Беларусь архіў сваёй сям’і. Таксама ў якасці дарунку на радзіму вярнуўся архіў Кастравіцкіх – сваякоў пісьменніка, мастака і палітыка канца 19-га – пачатку 20-га стагоддзя Каруся Каганца.
Кастусь ВАНСЯЦКІ Радыё Рацыя
Группа «Дрозды» объявила о прощальных гастролях
Популярный в Воложине и всей Беларуси белорусский музыкальный коллектив «Дрозды» сообщил о проведении прощального тура летом 2025 года, который, как утверждается, ознаменует окончание их двадцатилетней карьеры. Лидер группы, Виталий Карпанов...
Читать