Указ прэзідэнта, які дазваляе аўташколам самім устанаўліваць кошт навучання, яшчэ не апублікаваны. Пасля чаго, як стала вядома Еўрарадыё, Саўмін павінен будзе адмяніць свае Палажэнне аб фіксаваных коштах. А гэта можа заняць да 2 месяцаў. Акрамя таго, школам трэба будзе зацвердзіць свае расцэнкі ў выканкамах.
Праўда, кіраўнік прэс-службы Міністэрства транспарту і камунікацый Ксенія Перастароніна ўпэўніла “Еўрарадыё”, што ўстанавіць зусім ужо вар’яцкія кошты аўташколам не дазволяць.
Ксенія Перастароніна: “Яны не могуць узяць гэтую суму з галавы. Кожная аўташкола будзе эканамічна абгрунтоўваць той кошт, які яна хоча закласці за навучанне. І будзе ўзгадняць гэты кошт у мясцовых органах выканаўчай улады. Зусім вар’яцкіх коштаў там не будзе. Аўташколы, якія знаходзяцца ў паўпадвальных памяшканнях і ездзяць на старых “Волгах”, яны 1,5 мільёна па вызначэнні не змогуць закласці за навучанне. Ім ніхто гэтую суму ніколі ў жыцці не зацвердзіць”.
Указ, які дазваляе аўташколам устанаўліваць вольныя кошты на навучанне, прэзідэнт падпісаў 29 лютага. Але ён да гэтага часу не апублікаваны і таму пакуль не дзейнічае. Да таго ж у сілу ён уступіць толькі пасля таго, як Саўмін прыме пастанову аб адмене свайго ранейшага рашэння аб фіксаваным кошце аплаты за навучанне ў аўташколах.
Толькі гэта не перашкаджае дырэктарам аўташкол ужо зараз пачаць падлічваць, які кошт ім патрэбна ўстанавіць, каб не толькі выйсці з мінусу, але і атрымліваць хоць нейкі прыбытак. І павышэнне заробку інструктараў, абнаўленне аўтапарку і пошук прыстойнага памяшкання лічыцца імі вартымі ўвагі абгрунтаваннямі для максімальнага павышэння кошту навучання.
Вось што кажа дырэктар аўташколы “Аўтагалактыка” Леанід Белакурскі: “Будзем яшчэ лепш падлічваць, бо трэба і аўтапарк мяняць. Таму будзе 1 мільён 200 тысяч альбо 1,5 мільёна. Гэта ўсё падлічым: і аўтапарку абнаўленне, і павышэнне заробку майстрам, і выкладчыкам і, натуральна, адміністрацыі”.
Па словах дырэктара, самая вялікая праблема нават не з аўтапаркам, а з інструктарамі і выкладчыкамі. Так у “Аўтагалактыцы” не хапае 7 інструктараў, а з тых, што ёсць, трох, кажа дырэктар, трэба гнаць. Але пакуль замяніць няма кім.
Леанід Белакурскі: “Сёння ў мяне 7 майстроў не хапае і, калі казаць па-мужчынску, 3 трэба гнаць! Таму, у першую чаргу, майстрам трэба павышаць. Каб людзі ішлі. Трэба, каб адзін жадаючы стаяў за плотам. Вось тады парадак будзе”.
Падлічваюць магчымы кошт і ў аўташколе “Сігнал-плюс”. Але пакуль назваць яго нават прыблізна дырэктар Ірына Сяверына не можа. А на пытанні магчымых курсантаў адказвае, што вышэй, чым у іншых аўташколах, аплату рабіць не будуць. Затое ў “Сігнале” ўжо вырашылі не распачынаць новыя заняткі, пакуль ім не зацвердзяць новыя расцэнкі.
Ірына Сяверына: “Пакуль указ не выйшаў, людзям мы гаворым: “Калі ласка, запісвайцеся, але будзем працаваць, калі будзе вызначаны кошт. Тады будзеце прымаць рашэнне, задавальняе вас ці не”.
У адрозненне ад калег, у “Аўтагалактыцы” вырашылі не эканоміць, і заняткі новых груп распачынаюць па раней складзеным графіку. Да прыкладу, апошняя група пачала навучанне 5 сакавіка. Нягледзячы на тое, што курсантам, якія пачалі навучанне да ўступлення новага ўказу і новых коштаў у сілу, пераразлік рабіць не будуць. Ім навучанне абыйдзецца ў 599 тысяч рублёў плюс дзесьці 160 тысяч за паліва. Дырэктар аўташколы кажа, што на гэтых некалькіх групах яны не ўзбагацяцца. Галоўнае, прынцыповае рашэнне аб магчымасці павялічваць кошты навучання прынятае.
Леанід Белакурскі: “Ад гэтага я і ўсе мы багацейшымі не станем. Адна-дзве групы вялікай ролі не адыграюць”.
Вось толькі груп гэтых можа апынуцца ў выніку значна больш. Бо нават калі ўказ прэзідэнта надрукуюць у бліжэйшыя дні, па законе ў Саўміна ёсць два месяцы на тое, каб прыняць пастанову аб адмене ранейшай пастановы наконт фіксаваных коштаў. А потым яшчэ аўташколам трэба будзе ўзгадніць свае кошты ў аддзелах па ценаўтварэнні выканкамаў.
Зміцер Панямонаў
В ДТП в Лидском районе погибли 4 человека, в том числе 2 детей
На автодороге М-6 Минск – Гродно в Лидском районе, недалеко от деревни Бискупцы, сегодня произошла серьезная авария, сообщает телеграм-канал МВД.
Читать