Каб прыцягнуць турыстаў у Чарнобыльскую зону, дэпутат ПП НС Мiкалай Сергiенка прапануе арганiзаваць там паляванне, а намеснiк кiраўнiка ўпраўлення фiзкультуры, спорту i турызму Гомельскага аблвыканкама Вадзiм Кармазiн кажа, што цяпер там iснуюць два распрацаваныя турыстычныя маршруты.
Днямi дэпутат Мiкалай Сергiенка, намеснiк старшынi пастаяннай камiсii па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогii i прыродакарыстання беларускага парламента заявiў, што Чарнобыльская зона – перспектыўная для развiцця экатурызму. Еўрарадыё вырашыла даведацца, што менавiта меў на ўвазе дэпутат.
Мiкалай Сергiенка: “Па-першае, тыя раёны нашай Беларусi Гомельскай i Магiлёўскай вобласцi, якiя цяпер знаходзяцца ў зоне забруджвання – гэта гiстарычна сфармаваны ўнiкальны край поймы Прыпяцi. Гэта такое ўнiкальнае месца залiўных лугоў. I там расце ўнiкальная трава, там мацнейшыя сенакосы, рыбныя месцы, старыцы… Гэта цудоўнейшыя лясныя дубравы, грыбныя месцы…. Там шмат звяроў, унiкальных птушак i там, у гэтай цiшынi яны спакойна развiваюцца i гэтак далей. Там ёсць, дзе адпачыць, ёсць, што паглядзець, ёсць, чым пацешыць сваё вока”.
Паводле дэпутата, адныя гэтыя ўнiкальныя краявiды ўжо самi па сабе цягнуць туды людзей, у тым лiку i замежнiкаў. Аднак у сваiх планах Мiкалай Сергiенка пайшоў далей – i прапанаваў новы варыянт выкарыстання Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагiчнага запаведнiка.
Мiкалай Сергiенка: “Гэта месцы, дзе сёння шмат звяроў i дзiчыны, на якую можна паляваць. Трэба зрабiць патрэбны сэрвiс для турыстаў, якiя прыязджаюць менавiта паляваць!”
Дэпутата не пужае радыяцыя, бо, па яго меркаваннi, сапраўднаму паляўнiчаму не трэба есцi мяса забiтай жывёлы. Асноўную асалоду тыя атрымлiваюць ад самога працэсу.
Мiкалай Сергiенка: “Сапраўднаму паляўнiчаму, якiх у свеце шмат, яму не цiкава мяса забiтай жывёлы цi птушкi. Яму цiкавы сам працэс палявання. Таму сёння можна вельмi добра выкарыстоўваць нават непрыдатных у ежу жывёлаў для гэтага палявання”.
Як распавёў Еўрарадыё Вадзiм Кармазiн, намеснiк кiраўнiка ўпраўлення фiзкультуры, спорту i турызму Гомельскага аблвыканкама, на сённяшнi дзень ёсць два распрацаваныя маршруты ў Чарнобыльскую зону, аднак вялiкiм попытам яны не карыстаюцца.
Вадзiм Кармазiн: “Магу сказаць, што пра гэта шмат гаворыцца, пра чарнобыльскую тэматыку ў турызме, аднак рэальным попытам гэта не карыстаецца”.
Гаворка нават не можа iсцi пра колькасць турыстаў за месяц:
Вадзiм Кармазiн: “Якi месяц! Добра, калi 5 чалавек за год прыедзе!”
Больш за ўсё, паводле слоў Кармазiна, у Чарнобыльскую зону ездзяць навуковыя супрацоўнiкi, часам – журналiсты. Што тычыцца замежнiкаў i экалагiчнага турызму, то сапраўдным попытам карыстаюцца iншыя месцы Беларусi:
Вадзiм Кармазiн: “Зараз у замежнiкаў запатрабаваны экалагiчны турызм у нармальныя рэгiёны: Палессе, нацыянальны парк Прыпяцкi, заказнiкi, санаторыi… А мы лезем туды, дзе турызму i быць не можа па азначэннi. Экстрэмальны турызм – гэта не ехаць у антысанiтарную зону! З гэтай тэматыкай трэба быць вельмi асцярожным, каб не трубiць з усiх трыбунаў, што ў нас ёсць унiкальны рэсурс – Чарнобыльская зона. Гэта наша бяда! Бяда, якая нанесла такiя страты турызму, што мы яшчэ гадоў 20 будзем гэта адчуваць”.
Нямецкi турыст, якi ў свой час наведаў Чарнобыльскую зону, распавядае, што чалавек там за 22 гады запусцення стаў чужым i яму больш няма месца:
Нямецкi турыст: “Там сапраўды на працягу гэтых 22 год, якiя прырода жыве сваiм жыццём, няма амаль нiякага ўплыву чалавека. I сказаць, што там камфортна гэта, канешне, немагчыма. Уражаннi вельмi супярэчлiвыя. Канешне, прырода за гэтыя гады разрасталася там так, як нiдзе яшчэ – бо чалавека няма”.
Наш суразмоўца не ведае, якiм чынам можна развiваць экатурызм у беларускай Чарнобыльскай зоне, калi там няма нават мабiльнай сувязi.
Нямецкi турыст: “Там няма нiякай iнфраструктуры, няма электрычнасцi, няма вадаправоду, няма дарогi! Канешне, можна спрабаваць катацца на машыне па гэтых дарогах, але сказаць, што гэта асалода, язык не паварочваецца. Па-другое, для турызму патрэбныя перадумовы бяспекi, а iх там няма. На беларускiм баку зоны няма сеткi мабiльнай сувязi. Таму калi раптам штосьцi здарыцца, нельга нават выклiкаць дапамогу!”
Аднак ў дэпутата Мiкалая Сергiенкi пытанне iнфраструктуры не выклiкала вялiкiх ваганняў:
Мiкалай Сергiенка: “Iнфраструктуру можна ствараць на чыстых тэрыторыях. А самыя гэтыя экалагiчныя сцежкi для палявання, для турызму, для паходаў туды рабiць на забруджаных тэрыторыях. Iх можна зрабiць так, каб яны нiякай шкоды здароўю не наносiлi”.
Дарэчы, нават сёння паехаць у Палескi радыелагiчны запаведнiк можа кожны жадаючы, як беларус, так i замежнiк. Кошт будзе залежыць ад транспарту, якi вы выберыце, i ад таго, цi збiраецеся заставацца на ноч. Прыкладна такая паездка без начоўкi будзе каштаваць 45 тысяч рублёў. Падчас наведвання запаведнiку вас абавязкова будзе хтосьцi суправаджаць – аднаму гуляць там проста небяспечна.
“Белiнтурыст”: “Адны вы там хадзiць не можаце, вас будуць суправаджаць супрацоўнiкi Акадэмii навук”.
Нягледзячы на тое, што паездкi для турыстаў у Чарнобыльскую зону ладзяцца, у гомельскiм “Белiнтурысце” iх успрымаюць без асаблiвага iнтузiязму:
“Белiнтурыст”: “Калi шчыра, я супраць таго, каб на нашай бядзе рабiлi такiя грошы. Зроблена гэтая праграма была выключна для спецыялiстаў”.
Наш зямляк Арцём, якi быў у Чарнобыльскай зоне з украiнскага боку, распавёў, што там кожнага чалавека i кожную машыну на выездзе правяраюць на радыяцыю, i калi раптам узровень павышаны – адразу ж праводзiцца дэзактывацыя. У зоне нельга нiчога есцi, пiць i збочваць з дарогi. Ён лiчыць, што Чарнобыльская зона магла б быць прыдатнай для экатурызму, аднак не як забава, а як месца, якое дапамагае крыху iнакш паглядзець на экалогiю i атамную энергетыку.
Арцём: “Я лiчу, што так, гэта добра. I для зоны, i для людзей, якiя туды з”ездзяць. Я лiчу, што гэта можа змянiць адносiны чалавека i да прыроды ўвогуле, i да атамнай энергетыкi.”
Арцём дадаў, што вельмi важна памятаць, што гэта не месца для пiкнiкоў цi экстрэмальнага турызму, а месца найвялiкшай экалагiчнай катастрофы чалавецтва, i ставiцца да яго трэба адпаведна.
Няправiльным падаецца падыход да Чарнобыльскай зоны як да турыстычнай цiкавосткi i Вадзiму Кармазiну:
Вадзiм Кармазiн: “Спачатку мы на ўсю Еўропу казалi, якiя мы няшчасныя, каб нам дапамогу далi. А цяпер мы мусiм наадварот казаць, што ў нас усё добра, каб да нас прыехалi ў Чарнобыльскiя раёны!”
Мара Нальшанская
Новая схема мошенников: трудоустройство через интернет
За неделю в Октябрьское РУВД Минска с заявлениями о мошенничестве обратились десять граждан столицы. Все они искали работу в магазине товаров для дома или в онлайн-казино
Читать