Чамусьці так здарылася, што сексуальнае жыццё беларускай шляхты доўгі час заставалася па-за ўвагай айчынных даследчыкаў. Аднак “Салідарнасць” даведалася, што нашым продкам у гэтай справе было чым пахваліцца.
Узгадваючы норавы тагачаснай знаці, мы і самі хутчэй прыгадаем які-небудзь французскі двор з яго вольнымі ўцехамі і шматлікімі фаварыткамі караля або славутага іспанскага лавеласа Дон Жуана. Пра эратычныя ж забавы нашых продкаў, не кажучы ўжо пра ўласнага беларускага Казанову, мы, на жаль, не ведаем амаль нічога. Тым не менш высокадухоўныя творы 16-18 ст. ды строгія сармацкія партрэты — не адзінае, што пакінулі нам папярэднікі. Нашы шляхетныя продкі не толькі не адмаўлялі радасцяў плоці, але і вызначаліся вельмі свабоднымі поглядамі ў пытаннях сексу. — Эротыка прапітвала ўсё жыццё беларускай эліты, — сведчыць даследчык шляхецкай культуры Вацлаў Арэшка. — Секс лічыўся не толькі неабходным, але і прызнаваўся карысным для здароўя. Нават многія маралісты таго часу казалі пра гэта. У 16-18 ст. пра секс пісалі шчыра і адкрыта, пра што сведчыць велізарная колькасць эратычных тэкстаў. На жаль, пазней гэтыя тэксты пачалі выкідацца з фальклорных і літаратурных зборнікаў. А ў савецкія часы ўвогуле падобныя пытанні былі табуяваныя — таталітарны рэжым не любіць некантраляваных сфер жыцця. Аднак ёсць і яшчэ некалькі прычын, чаму гэты бок слаўнага мінулага нашых продкаў застаўся незаўважаным. Юрлівыя ліцвінкі ў строгіх сукенках Вобраз жанчыны-маці, шляхціч у ролі воіна і змагара за незалежнасць, пара-тройка гісторый кахання — вось бадай і ўсё што малюе ўяўленне на аснове вядомых пісьмовых і выяўленчых крыніц. На наша шчасце, гэтыя гістарычныя помнікі не даюць рэальнай карціны жыцця. — У тагачасным грамадстве на пытанні эротыкі і сексу існавалі два процілеглыя погляды, — адзначае мой суразмоўца. — З адного боку, абвяшчаўся афіцыйны ідэал — паглядзіце на тыя ж знакамітыя Радзівілаўскія партрэты. Жанчыны апранутыя ў глухія сукенкі, іх выгляд суровы, строгі. Гэта ўзор маці сямейства — нічога пачуццёвага: сціплае адзенне, набажны выгляд. Аднак гэтыя партрэты — не столькі здымак рэальнасці, колькі ідэалу. У той жа час у грамадстве панаваў і іншы падыход. Да кахання і да ўсяго, што з ім звязана, людзі ставіліся вельмі прыязна. З-за войнаў і іншых канфліктаў жыццё было складаным і нядоўгім. У гэтай суровасці хацелася нейкага адпачынку. Каханне, секс, розныя забавы, святкаванні і былі своеасаблівай спробай рэлаксацыі. Норавы і звычаі дробнай і сярэдняй шляхты мала чым адрозніваліся ад жыцця простых сялян — і ў полі і ў ложку яны аралі прыкладна аднолькава (глядзі беларускі эратычны фальклор), – што ж да побыту заможнай шляхты і магнатэрыі, то яны жылі жыццём еўрапейскім. У Еўропе ў моду ўваходзілі грамадзянскія шлюбы — і беларускае заканадаўства надзяляла аднолькавымі правамі і грамадзянскую і венчаную жонку. У Еўропе скрозь пальцы глядзелі на дашлюбны секс — і ў нас не бачылі ў гэтым нічога заганнага. — Нават Францыск Скарына некалі пісаў у сваіх тэкстах, што калі мужчына да шлюбу жыве з дзяўчынай, то ў гэтым няма нічога страшнага ў выпадку, калі ён потым ажэніцца з ёй, — згадвае Вацлаў Арэшка. — Адносіны ў Вялікім княстве Літоўскім да дадзенага пытання былі досыць талерантнымі. Не абышла Беларусь і еўрапейская мода, якая з 17 ст. становіцца ўсё больш эратычнай. У гэты час на Беларусі ў модзе паралельна ідуць два кірункі — традыцыйная шляхецкая (закрытыя сукенкі на партрэтах тагачасных жанчын і дагэтуль уводзяць у зман сучаснікаў) і еўрапейская (фрывольная і разняволеная). Дарэчы, моду на адкрытыя сукенкі ў шляхецкае асяроддзе ўвяла жонка Яна Сабескага Марысенька. Глыбокія дэкальтэ, аголеныя плечы — усе гэтыя новыя павевы з Еўропы беларускія модніцы падхапілі з вялікім задавальненнем. А вось мужчынам такія вольнасці ў адзенні іх суджаных не вельмі падабаліся. Мемуарысты захлёбваючыся апісвалі, як жудасна выглядаюць жанчыны ў такіх строях. Маўляў, дэкальтэ настолькі адкрытыя, што ўсё літаральна вывальваецца. Але нават за стосам абуральных памфлетаў цікаўнага погляду на больш даступныя жаночыя прывабнасці не схаваеш, і, зразумела, атэлье ламіліся ад заказаў. Шыць прыходзілася па ляльках — іх, апранутых па апошняй модзе, спецыяльна замаўлялі з Парыжа ці Лондана (што зробіш: модных часопісаў у той час не існавала — маляваныя выданні з’явіліся толькі ў 18 стагоддзі). У адрозненні ад сваіх суседак, беларускі, як сведчаць дакументы, былі больш свабодныя не толькі ў сваіх правах, але і ў паводзінах. Многія іх сучаснікі згадвалі, што ліцвінкі ў адносінах да мужчын вызначаліся нехарактэрнай на той час актыўнасцю. — Гэта адлюстравана і ў літаратуры. У вершах, эратычных і гумарыстычных, часта выступае вобраз такой юрлівай ліцвінкі, больш схільнай да эратычных адносін, — адзначае Вацлаў Арэшка. — Канешне, правесці выразнаю мяжу паміж польскай, літоўскай і беларускай шляхтай даволі складана — шляхту трэба разглядаць хутчэй як саслоўе. Але, на думку тых жа палякаў, у Вялікім княстве Літоўскім былі больш вольныя норавы. Успомніце гісторыю з той жа Барбарай Радзівіл. Калі польская магнатэрыя спрабавала адгаварыць караля Жыгімонта ад шлюбу з ёй, у якасці аргумента прыводзілася, што Барбара — ліцвінка. Маўляў, ліцвінкі больш распусныя, чым полькі. Але, можа, гэта і прывабіла Жыгімонта? Эратычныя тэксты, альбо адкуль пайшла кузькіна маць — Традыцыям кахання, эротыцы былі прысвечаныя і розныя трактаты, і падарожныя нататкі, і літаратурныя творы. Гэта толькі тое, што тычыцца афіцыйных крыніц, — тлумачыць Вацлаў Арэшка. — Але ж былі і неафіцыйныя, тыя, што пісаліся для сябе — мемуары, аўтарская недрукаваная і нецэнзураваная паэзія, фальклор. У гэтых вершах аўтары, паверце, апісвалі зусім не пакуты юнага Вертэра, а шчыра казалі пра вельмі канкрэтныя рэчы. Большасць такіх шэдэўраў былі ананімныя. Асаблівай мудрагелістасцю змест гэтых твораў не вызначаўся, а часам і ўвогуле ўсё зводзілася да звычайных апісанняў памераў або іншых характарыстык пэўных частак цела. Мяркуючы па тэкстах, існавалі і пэўныя стандарты жаночай прыгажосці. У прадстаўніцах слабай паловы тагачасныя мужчыны цанілі зусім не прывабны твар — пра яго ўвогуле пісалі няшмат. Больш за ўсё тэкстаў пра жаночую прыгажосць прысвечана якраз ніжняй частцы цела. Так, у той час цаніліся жанчыны з шырокімі сцёгнамі — чым больш, тым лепш (шляхетным мужчынам увогуле падабаліся мажныя жанчыны — што зробіш, густы барока). Асноўная ж увага ў нецэнзураваных творах надавалася непасрэдна апісанню канкрэтнага жаночага органа — менавіта ён больш за ўсё прывабліваў тагачасных мужчын і па сутнасці лічыўся самым асноўным і прыгожым. — І для шляхты, і для простага насельніцтва адносіны з жанчынай круціліся вакол фізічных стасункаў і, зразумела, вакол органаў, якія ў гэтым удзельнічалі, — сведчыць даследчык. — Такім тонкім духоўным адносінам, пра якія мы чытаем у больш позніх творах эпохі рамантызму, увагі ў той час не надавалі. У эпоху барока вельмі мала што ў гэтым разумелі. Секс быў часткай весялосці, забавай. У тыя часы пра такія рэчы размаўлялі прасцей, менш было сарамлівасці, усё рабілася больш публічна. У гэтым плане ў параўнанні з пазнейшым перыядам эпоха барока не такая ілжывая. Дарэчы, і назваў для адпаведных органаў у нашых продкаў было значна больш, чым зараз. Сёння з такіх найменняў мы з вамі можам прыгадаць хіба што медыцынскае альбо некалькі нецэнзурных. У нашых жа папярэднікаў для абазначэння гэтых паняццяў мелася ў запасе вялізнае мноства назваў — ад непрыстойных да вельмі вобразных, метафарычных. Самае цікавае, што сёння мы, нават таго не ведаючы, часам ужываем словы, якія маюць да органаў цялеснага нізу непасрэдныя адносіны. Думаецца, наўрад ці незабыўны Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў, пагражаючы амерыканцам паказаць кузькіну маць, ведаў, што “кузем” у 17 ст. называлі прадмет мужчынскага гонару і, адпаведна, гэтая самая “маць” — зусім не сваячка нейкага Кузі (хаця ў цэлым генсек прыкладна гэта і меў на ўвазе). Тая ж гісторыя і са словам “кепскі”, корань якога паходзіць ад забытай назвы жаночага органа (нават не сумняваюся, што гэта мужчыны прыдумалі перакладаць адказнасць за тое, што дрэнна атрымалася, менавіта на жанчын). Як бы там ні было, але дзесьці да 18 ст. гэтыя назвы былі вельмі распаўсюджаныя. А па тым, наколькі гэтыя словы стала ўвайшлі ў наша паўсядзённае выкарыстанне, можна меркаваць, як часта іх ужывалі тады. Эпісталярныя помнікі, якія дайшлі да нашых дзён, таксама сведчаць пра тое, што нашым продкам было чым заняцца ў ложку. Так, напрыклад, захаваліся лісты караля Яна Сабескага да сваёй жонкі Марысенькі (той самай “модніцы”). У іх супругі даволі шчыра апісвалі сваі пачуцці. Прычым распавядалі не толькі пра тое, наколькі моцна кахаюць адзін аднаго, але і ўдакладнялі, як канкрэтна. Вядомы ліст караля, дзе ён расказвае сваёй жонцы пра захопленага ў палон калмыка, які, як піша Сабескі, ведае шмат любоўных пазіцый. Некаторыя з іх кароль прапаноўваў паспрабаваць па яго вяртанні. Цікавая ў гэтым плане і перапіска вядомай пісьменніцы Францішкі Уршулі Радзівіл са сваім мужам Міхалам Казімірам. Гэта той выпадак, калі актыўнасць у такіх зносінах належыла якраз жанчыне. Уршуля піша мужу, што ніяк не можа дачакацца, калі ён прыедзе і “возьме варту каля яе ложка” альбо “споўніць сваю любоўную справу”. Трапляюцца і больш шчырыя выказванні… Анастасія Зелянкова
Мальчик хотел помахать маме и выпал с десятого этажа
Мальчик хотел помахать маме в окно и выпал с десятого этажа. Спасти его не удалось
Читать