Як паведамiла начальнiк аддзела метэаралагiчных прагнозаў Рэспублiканскага гiдраметэацэнтра Валянцiна Скрабец, у нядзелю ападкаў не чакаецца. Але падзьме паўднёвы вецер, удзень яго парывы ўзмоцняцца да 14 метраў у секунду.
Тэмпература паветра ў начны час складзе 9—15 градусаў марозу, па паўднёвым усходзе краiны (уключаючы Гомельскую i Магiлёўскую вобласцi) яна панiзiцца да мiнус 18—23 градусаў. Удзень будзе ад нуля да мiнус 6 градусаў.
У панядзелак надвор’е ў Беларусi зноў пачне мяняцца. Месцамi пройдзе невялiкi мокры снег. На дарогах з’явiцца слабая галалёдзiца. На большай частцы краiны будзе воблачна. Тэмпература паветра ў начны час павысiцца i складзе ад нуля да мiнус 6 градусаў. Удзень яна будзе вагацца ад мiнус 3 да плюс 2 градусаў.
20 лютага вецер зменiцца на паўночны i ў Беларусi пачне халаднець. На наступным тыднi захаваецца вельмi халоднае надвор’е з начным марозам да 15—20 градусаў, пры праясненнях да мiнус 27 градусаў. Дзённая тэмпература не перавысiць у многiх раёнах рэспублiкi 6—15 градусаў марозу.
Узмацненне марозу чакаецца ў асноўным 21—22 лютага. Тэмпература паветра ўначы гэтымi днямi панiзiцца да 25 градусаў. Пры гэтым на паўднёва-заходняй палавiне рэспублiкi маразы не будуць такiмi моцнымi. Начная тэмпература паветра ў пачатку тыдня тут складзе мiнус 6—14 градусаў, а дзённая — ад 3 да 10 градусаў нiжэй за нуль.
22 лютага ўначы чакаецца 17-23 градусы нiжэй за нуль, пры праясненнях — да мiнус 30 градусаў. Удзень тэмпература паветра складзе 15-20 градусаў. У Брэсцкай i Гродзенскай абласцях — ад 9 да 14 градусаў нiжэй за нуль.
Звязда