У працэсе рэканструкцыі парка плануецца спілаваць 1.662 дрэвы і зачыніць свідравіны, якія забяспечваюць жыхароў раёна пітной вадой. Людзі катэгарычна не згодныя. Рух “За Свабоду” мае намер падтрымаць законныя патрабаванні мінчукоў.
Акрамя гэтага, згодна з планам, распрацаваным чыноўнікамі Мінгарвыканкама, у паркавай зоне плануецца размясціць жыллёвую забудову, тры грамадскіх туалеты, рэстарацыі, кафэ, адміністрацыйны будынак з паркінгам на 600 аўтамабіляў, крытыя тэнісныя корты.
Справа ў тым, што Севастопальскі мае статус ландшафтна-рэкрэацыйнай водаахоўнай зоны, бо на яго тэрыторыі знаходзіцца 8 свідравін вадазабора “Зеляноўка”, які забяспечвае пітной вадой значную частку жыхароў Мінска. Радыус санітарнай зоны, паводле экспертаў, у падобных выпадках павінен складаць да 600 метраў. Усялякая забудова на тэрыторыі санітарнай зоны парка забаронена па законе.
Будаўнічыя працы распачынае фірма “Арэса-сэрвіс”. Забудоўшчыкі ў якасці аргументаў прыводзяць канцэпцыю ўшчыльненай забудовы, якая апошнім часам рэалізуецца ў сталіцы. Пакуль плануюць зачыніць тры свідравіны. Але жыхары ўпэўнены, што будаўніцтва і гаспадарчая дзейнасць прывядуць да забруджвання і закрыцця астатніх свідравін. Жыхары раёну лічаць, што будаўніцтва распачынаецца на падставе незаконна выдадзеных экспертыз і ўзгадненняў з эколагамі і санітарнымі службамі. Пры гэтым парушаецца Генплан, зацверджаны прэзідэнтам.
Людзі арганізавалі збор подпісаў супраць забудовы парка. Яны накіравалі свой пратэст і 1.600 подпісаў у Адміністрацыю прэзідэнта, Камітэт дзяржкантролю, Мінпрыроды, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, каб спыніць гэты намер гарадскіх чыноўнікаў. Але іх лісты перанакіроўваюцца ў Мінгарвыканкам, што з’яўляецца парушэннем Закона аб звароце грамадзян, бо менавіта на дзеянні гэтага органа ўлады людзі скардзяцца.
Скарга ў пракуратуру, у якой людзі паведамлялі пра парушэнні заканадаўства і прасілі спыніць знішчэнне парка, ды прыцягнуць вінаватых да адказнасці, пакінутая без задавальнення, а перапіска спынена.
Лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч намераны сустрэцца з жыхарамі мікрараёна “Усход-2”, каб абмеркаваць існуючую праблему і сумесна з экспертамі выпрацаваць захады па яе вырашэнню.
– Я адназначна далучаюся да ініцыятывы соцень грамадзян, якія выступілі супраць уседазволу чыноўнікаў. Нашы людзі маюць права на чыстую ваду, паветра і ўтульны для жыцця асяродак, гарантаванае Канстытуцыяй, – лічыць Аляксандр Мілінкевіч.
Гэта не першая спроба “адкусіць” ад Севастопальская парку, агульная плошча якога складае 73 га, ласыя кавалкі зямлі. Тут спрабавалі пабудаваць хрысціянска-евангельскі цэнтр (у 1995 годзе), распачаць будаўніцтва шматкватэрных элітных жылых дамоў, праз парк планавалі правесці трэцяе транспартнае кола з жыллёвай забудовай уздоўж трасы. Гэтыя спробы былі сарваныя, дзякуючы зладжаным і масавым пратэстам мінчукоў.
Сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі мікрараёна “Усход-2” адбудзецца 12 чэрвеня ў 18.30 каля Севастопальскага парку.
Радыё Рацыя
Туристическое шоу «Поедем погудим» побывало в Ивенце
Ведущие программы "Поедем погудим" посетили городской посёлок Ивенец, расположенный в Воложинском районе.
Читать