Сёння ў Мінску адбылася сустрэча лідэра дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандра Мілінкевіча з дырэктаркай аддзелу палітычнага планавання кабінета вярхоўнага камісара Еўрасаюза па знешняй палітыцы і бяспецы Хаўера Саланы Хельгай Шмід (Helga Schmid), і галоўным дарадцам гэтага адзелу Піркам Тапіолам (Pirkka Tapiola).
Асаблівая ўвага ў размове была засяроджана на перспектывах еўрапейскага палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Ацэньваючы вынікі сустрэчы, Аляксандр Мілінкевіч назваў палітыку, якую сёння ў дачыненні да Беларусі вядзе Еўрапейскі саюз, занадта абачлівай. На думку лідэра дэмакратычных сілаў, Еўропа мае шмат магчымасцяў рэальна ўплываць на развіццё сітуацыі ў Беларусі, але часам дарэмна перасцярагаецца.
Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што будзе і надалей адстойваць пазіцыю, паводле якой, дыялог Еўропы з беларускім рэжымам магчымы толькі пасля выканання ўмоваў, пастаўленых Еўропай у звароце да беларускага ўраду і народу. У сваёй палітыцы еўрапейцы павінны верыць не запэўніванням, а рэальным крокам беларускай улады. Ён падкрэсліў, што дыялог Еўропы з рэжымам Лукашэнкі будзе эфектыўным толькі пры ўдзеле дэмакратычных сілаў Беларусі.
У размове з высокапастаўленымі еўрапейскімі дыпламатамі Аляксандр Мілінкевіч звярнуў увагу на апошнія гучныя факты палітычных рэпрэсіяў у Беларусі: справы Канстанціна Лукашова і Дзяніса Дзянісава. Аляксандр Мілінкевіч канстатаваў, што сёння рэжым узмацняе рэпрэсіі супраць актывістаў дэмакратычнага руху. Лідэр дэмакратычных сілаў адзначыў, што пачатак сапраўднага дыялогу з беларускім рэжымам можа быць толькі пры ўмове вызвалення ўсіх палітычных вязняў і спынення палітычных рэпрэсіяў.
Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да еўрапейскіх дыпламатаў з просьбай не змяншаць увагі да падзеяў у Беларусі, асабліва напярэдадні мерапрыемстваў 25 сакавіка. Прадстаўнікі вярхоўнага камісара Еўрасаюза па знешняй палітыцы і бяспецы падкрэслілі, што паводзіны беларускай улады напярэдадні і ў дзень 25 сакавіка будуць сведчыць пра тое, гатовы ці не беларускі рэжым да адкрытага супрацоўніцтва з Еўропай.
У сустрэчы ўзялі таксама ўдзел кіраўнікі ПКБ Сяргей Калякін і АГП Анатоль Лябедзька.
Исполком будет согласовывать руководителей частных компаний?
Местные власти в республике могут обрести расширенные полномочия в области кадровых решений в различных структурах.
Читать