“Кіраўніку Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка
Паважаны Аляксандр Рыгоравіч,
Мне нялёгка звяртацца да вас, аднак я разумею, што не маю права не выкарыстаць усіх магчымасцяў дзеля будучыні нашай Беларусі. Згодны з вашым меркаваннем, што становішча справаў у эканоміцы можа стаць катастрафічным. Гэта нельга дапусціць.
Вы ўвесь час падкрэсліваеце, што асноўнай мэтай вашай палітыкі з’яўляюцца захаванне суверэнітэта краіны і забеспячэнне дабрабыту народа. Для дэмакратычных сіл гэта таксама галоўная задача.
Спадзяюся, што вы былі шчырым, калі казалі пра важнасць развіцця добрых стасункаў з Еўропай. Многія беларусы заўважылі вашае выказванне пра неабходнасць другога, еўрапейскага, крыла дзеля нармальнага развіцця Беларусі. Я перакананы, што гэтага можна дасягнуць у найбліжэйшыя тэрміны. Умовы развіцця супрацоўніцтва з аб’яднанай Еўропай добра вядомыя, яны выкладзеныя ў прапановах кіраўніцтва Еўрасаюза, скіраваных ураду і народу Беларусі.
Перакананы, што адстойваючы еўрапейскі выбар для Беларусі, мы робім слушна. Але я таксама перакананы, што працяг канфрантацыі ўнутры краіны не пойдзе на карысць беларускаму народу. Ведаю, што нягледзячы на рознагалоссі, можна дасягнуць выніка, калі галоўнай нашай мэтай будзе захаванне незалежнасці Беларусі і паляпшэнне жыцця народа.
Сёння як ніколі востра паўстала пытанне пра будучыню нашай дзяржавы. Выклікі сучаснага свету – энергетычныя, дэмаграфічныя, экалагічныя, гуманітарныя – наўпрост тычацца і Беларусі. І даць годны адказ гэтым выклікам можа толькі адзіная нацыя, якая ўсведамляе сваю адказнасць за будучыя пакаленні. Дзеля рэальнай ацэнкі сітуацыі і далейшых крокаў па шляху ўмацавання дзяржаўнасці варта прызнаць, што таксама, як два вектары – еўрапейскі і расійскі – абавязковыя для нашага эканамічнага развіцця, так і ўзгадненне падыходаў улады і апазіцыі неабходныя для развіцця грамадства. Беларуская апазіцыя ў цэлым канструктыўная. У яе шэрагах няма радыкальна настроеных груп, якую плануюць ужыць сілу дзеля звяржэння ўлады. Як бы ні палохалі спецслужбы ўвесь гэты час міфічнымі беларускімі тэрарыстамі, іх так і не знайшлі. Народ больш не верыць казкам пра ўзброеныя закалоты апазіцыі. Наадварот, усе бачаць, што сіла ўжываецца толькі ўладамі – супраць мірных дэманстрантаў, супраць моладзі, жанчын, сталых людзей. Такімі спосабамі можна ўтрымліваць уладу, але дамагчыся павагі да ўлады немагчыма.
Я таксама не прыхільнік радыкальных сцэнароў. Найбольш прымальным рашэннем для мяне была б эвалюцыя беларускай сітуацыі ў накірунку дэмакратызацыі палітычнага і грамадскага жыцця краіны. Але гэтая эвалюцыя павінна быць гарантаванай і ўстойлівай.
Цягам апошніх выбарчых кампаній я сустракаўся з тысячамі выбарцаў, свае подпісы ў падтрымку дэмакратычных кандыдатаў паставілі сотні тысяч чалавек. З упэўненасцю магу сказаць, што мільёны нашых суайчыннікаў падтрымліваюць еўрапейскі выбар, прапанаваны апазіцыяй, і чакаюць дэмакратычных зменаў у Беларусі. Без перабольшвання, за ўсімі намі глядзіць увесь свет. Старыя падыходы ўжо не спрацоўваюць.
У беларусаў ёсць традыцыйны спосаб дапамогі – талака. На мой погляд, прыйшоў час талакі ў імя Беларусі.
Апошнія падзеі вакол нашай краіны сур’ёзна занепакоілі людзей. Іх трывожыць пагроза пагаршэння матэрыяльнага стану і страты незалежнасці краіны. І адказнасць за папярэджанне гэтага ляжыць на эліце дзяржавы, як ва ўладзе, так і апазіцыі.
Вы самі кажаце, што сёння на Беларусь накінутая эканамічная пятля і што без інвестыцый развітых дзяржаваў свету, у першую чаргу еўрапейскіх, сітуацыю не выратаваць. Падчас сустрэчаў з кіраўніцтвам Еўрасаюзу і лідэрамі многіх еўрапейскіх краін я абмяркоўваў пытанні энергетычнай бяспекі Беларусі. Заўсёды выступаў супраць эканамічных санкцый у дачыненні да нашай краіны. Аднак зразумела, што шырокае супрацоўніцтва можа ажыццяўляцца толькі з дэмакратычнай Беларуссю, якая прытрымліваецца стандартаў еўрапейскай супольнасці. Нашая краіна губляе мільярды еўра неадплатнай дапамогі ды інвестыцый толькі з-за адной прычыны – недэмакратычнасці палітычнай сістэмы. Аўтарытарная краіна ў Еўропе сёння паспяхова развівацца не можа.
У розныя часы нацыянальныя эліты такіх краінаў як Грэцыя, Гішпанія, Партугалія, Славакія, якія знаходзіліся ў самаізаляцыі, зразумелі неабходнасць пераменаў, зрабілі выбар на карысць дэмакратызацыі і тым самым забяспечылі квітненне сваіх народаў. Я згодны выкарыстаць міжнародны аўтарытэт і кантакты, якія маюць дэмакратычныя сілы, дзеля сумеснага вырашэння праблем, што стаяць перад нашай краіны і патрабуюць неадкладнай рэакцыі. Аднак, гэта немагчыма рабіць, калі ў турмах будуць утрымлівацца мае таварышы, калі будуць працягвацца сілавыя дзеянні супраць дэмакратычнай моладзі, сведкамі якіх мы ізноў сталі ў апошнія дні, калі будзе працягвацца ціск на неўрадавыя арганізацыі і партыі, калі будуць працягваць прыцясняць правы незалежных прафсаюзаў, калі не будзе адноўлена поўнамаштабная дзейнасць незалежных сродкаў масавай інфармацыі, калі будуць груба парушацца правы чалавека насуперак міжнародным абавязацельствам Беларусі.
Неабходна ў найбліжэйшы час пераадолець раскол у беларускім грамадстве. Лепшай формай для гэтага з’яўляецца дыялог. І толькі ў выніку дыялогу апазіцыі і ўлады і выпрацоўкі супольнай пазіцыі можна разлічваць на перамовы з Еўропай у мэтах развіцця эфектыўнага супрацоўніцтва.
На мой погляд, добрай магчымасцю для крокаў насустрач адно аднаму магло б стаць святкаванне дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Дата 25 сакавіка 1918 года таксама важная для беларускай незалежнасці, як і 3 ліпеня 1944 года. Грамадскасць Беларусі ўжо выказалася за сумеснае святкаванне гэтага дня, і я веру, што такое святкаванне можа стаць адпраўным пунктам для дэманстрацыі пачатка адзінства беларусаў.
У нашых з вамі сілах знайсці супольнае рашэнне для пераадолення супрацьстаяння ў грамадстве дзеля квітнення і развіцця роднай Беларусі.
Аляксандр Мілінкевіч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 лаўрэат прэміі Еўрапейскага парламента імя А.Сахарава “За свабоду думкі”
Исполком будет согласовывать руководителей частных компаний?
Местные власти в республике могут обрести расширенные полномочия в области кадровых решений в различных структурах.
Читать