За мінулы год у забруджаных раёнах вырасцілі 200 тысяч тон зерня, і толькі ў Хойніцкім раёне вырабілі 33 тысячы тон цукру, якія былі распрададзеныя па ўсёй Беларусі. Прадукты з забруджаных тэрыторыяў на экспарт не ідуць. Развіццё экатурызму на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях – пакуль толькі планы, а вось сельская гаспадарка і жывёлагадоўля – даўно рэчаіснасць.
Намеснік дырэктара навукова-даследчага унітарнага прадпрыемства “Інстытут Радыялогіі” Гомеля Аляксандр Падаляк распавёў “Еўрарадыё”, што на забруджаных землях вырошчваюць у асноўным зерне, аднак з-за паляпшэння клімату эксперыментуюць і з цукровымі буракамі.
Аляксандр Падаляк: “Ёсць праграма пераспецыялізацыі. Асноўны напрамак – мясная жывёлагадоўля, гэта дзесьці палова гэтых гаспадарак. Ну, а па-другое, мы прадугледжваем аптымізацыю структуры пасяўных плошчаў з улікам тых культур, якія назапашваюць менш радыенуклідаў. Цяпер гэта азімае трыцікале (гібрыд іржы і пшаніцы – аўт.), яравое трыцікале і кукуруза на зерне. Ну, і проса. І з улікам паляпшэння нашага клімату мы плануем даследаванні з такімі культурамі, як цукровыя буракі, цукровае сорга… Мы таксама глядзім, як назапашваюць радыенукліды гэтыя культуры”.
Вырашчаная прадукцыя выкарыстоўваецца ў залежнасці ад радыелагічных паказальнікаў. Зерне – ў харчаванне і на кармы жывёл, а з буракоў робяць цукар.
Аляксандр Падаляк: “Што тычыцца прадукцыі – цяпер, калі мы возьмем, напрыклад, зерне (а на сёння гэта каля 200 тысяч тон), тое, якое праходзіць па нормах на харчаванне, а іншае выкарыстоўваецца на кармы для жывёл. Што тычацца цукровых буракоў, то яны ідуць на вытворчасць цукру. Летась на 840 гектарах у Хойніцкім раёне было выраблена 33 тысячы тон цукру”.
Па словах Аляксандра Падаляка, на экспарт гэтыя прадукты не ідуць, а разыходзяцца па ўсёй краіне.
Аляксандр Падаляк: “Прадукты, якія вырабляюцца ў гэтых забруджаных раёнах, спажываюцца ў нас. Яны не ідуць на экспарт”.
Таксама Аляксандр Падаляк распавёў, што з вырашчаных у “зоне” прадуктаў могуць вырабляць і дзіцячае харчаванне, але запэўніў, што яно цалкам будзе адпавядаць нормам.
Аляксандр Падаляк: “Канешне, па дзіцячых прадуктах нормы больш жорсткія на сённяшні дзень. Калі возьмем, напрыклад, па зерні на харчаванне ў нас нарматыў па стронцыю 11 бекерэляў на кілаграм, то ў зерня на дзіцячае харчаванне – 3,7 бекерэляў. Што тычыцца, напрыклад, малака на перапрацоўку – на сухое малако, то гэта 3,7 бекерэлю. А на масла – ужо 18 бекерэляў”.
Гэтыя нормы растлумачыў “Еўрарадыё” Васіль Несцярэнка з Інстытуту радыеактыўнай бяспекі. Па яго словах, нашы нормы параўнальныя з расійскімі, украінскімі і еўрапейскімі, аднак фактычна прадукты там амаль цалкам чыстыя.
Васіль Несцярэнка: “Нормы замежныя дапускаюць больш, напрыклад у малаку, чым нашы, беларускія. Аднак гэта тэарэтычна, на выпадак аварыі, а так вось малако і ў Нямеччыне, і ў Францыі мае забруджанне не больш за 0,1 бекерэлю на літр. А ў нас сёння рэальна больш за 100 вёсак, дзе малако мае больш за 100 бекерэляў на літр”.
Іван Нікітчанка, кіраўнік сацыяльна-эканамічнага грамадскага аб’яднання “Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў”, занепакоены тым, што мы спажываем “забруджаныя” прадукты, нават калі яны і адпавядаюць норме, бо ўсё гэта назапашваецца.
Іван Нікітчанка: “Радыяцыя ў любой колькасці шкодная для арганізму чалавека! У нас нібыта ўсё па нарматывах, а людзі набіраюць дзесяціразовую крытычную радыеактыўнасць”.
Іван Нікітчанка нагадвае, што кожны радыеактыўны ізатоп няспынна разбурае важныя органы арганізму:
Іван Нікітчанка: “Радыеактыўныя ізатопы увесь час выпраменьваюць энергію. І яны, як толькі трапляюць у арганізм, адразу пераходзяць у мяккія тканкі і ў першую чаргу ў сэрца, у сардэчную мышцу. І яны ўвесь часа б’юць гэтую мышцу. У выніку мышца зношваецца, губляе сваю абарону і рвецца. Інфаркт. У сасуд трапіць – разрыў сасуда”.
Па словах спадара Нікітчанкі, на тое, каб вывесці радыеактыўныя ізатопы з арганізму – пры ўмове, што далей будзе спажывацца “чыстая” ежа, патрэбна ў лепшым выпадку 40 дзён, а то і да 75. А калі чалавек спажывае забруджаныя прадукты кожны дзень – то радыеактыўныя элементы назапашваюцца ў арганізме.
Па словах Нікітчанкі, на сёння забруджаная радыенуклідамі ўжо ўся Беларусь:
Іван Нікітчанка: “Мы правяралі адну вёску ў Валожынскім раёне. З 44 чалавек ніводнага няма чыстага, усе носьбіты радыяцыі. У аднаго чалавека было нават 77 бекерэляў на кілаграм, а гэта ў паўтара разу больш за крытычны паказчык”.
Belradio.fm
Обновления в больнице Воложина к «Дожинкам»
В процессе подготовки к «Дожинкам-2024» многие объекты в Воложине значительно преобразились, в т.ч. и сфера здравоохранения
Читать