Вельмi няпростая задача стаiць сёння перад беларускiмi фармацэўтычнымi прадпрыемствамi. З аднаго боку, яны павiнны прывесцi сваю вытворчасць у адпаведнасць з мiжнароднымi стандартамi GMР, а для гэтага iм спатрэбяцца дзесяткi мiльёнаў долараў. Толькi Барысаўскаму заводу медыцынскiх прэпаратаў на гэтыя мэты патрабуецца 100 мiльёнаў долараў. А з iншага боку, айчынны рынак павiнен быць насычаны таннымi беларускiмi лекамi, даступнымi для пацыентаў з любымi даходамi.
Летась сярэднi кошт адной упакоўкi беларускiх прэпаратаў, што рэалiзоўвалiся на айчынным фармацэўтычным рынку, склаў 0,39 долара ЗША, а сярэднi кошт адной упакоўкi iмпартных прэпаратаў — 1,59 долара. “Ільвiная” доля беларускiх прэпаратаў рэалiзуюцца ўвогуле па сiмвалiчных цэнах i не толькi не прыносяць прадпрыемствам даход, а з’яўляюцца для iх стратнымi. Усяго прадпрыемствамi канцэрна “Белбiяфарм” выпускаецца больш за 500 найменняў прадукцыi. У Пералiку асноўных лекавых сродкаў доля айчынных прэпаратаў складае зараз 36 працэнтаў i павiнна павялiчыцца да 50 працэнтаў да 2010 года.
Асноўны ўпор у Беларусi сёння робiцца на iмпартазамяшчэнне i выпуск джэнэрыкаў, паколькi засваенне i вытворчасць аналагаў iмпартных лекавых прэпаратаў дазваляе эканомiць дзяржаве велiзарнейшыя валютныя сродкi плюс забяспечвае лекавую бяспеку краiны. Так, паводле слоў намеснiка начальнiка навукова-фармацэўтычнага цэнтра РУП “Белмедпрэпараты” Таццяны Трухачовай, толькi за кошт укаранення на iх прадпрыемстве новых iмпартазамяшчальных прэпаратаў для лячэння анкалагiчных хворых у 2006—2007 гадах было зэканомлена ад 2 да 3 мiльёнаў еўра, якiя спатрэбiлiся б для закупкi аналагiчных замежных прэпаратаў. Праўда, шлях новага прэпарата ад навуковай лабараторыi да пацыента нярэдка аказваецца неапраўдана доўгiм. Для рэкламы i прасоўвання на рынак навiнак патрабуюцца сур’ёзныя фiнансавыя сродкi, якiх у айчынных вытворцаў проста няма. Таму далёка не ўсе яшчэ ведаюць, што беларускi прэпарат з мудрагелiстай назвай дратаверына гiдрахларыд — гэта аналаг добра вядомай усiм венгерскай но-шпы. Што на змену дарагiм замежным вiралексу i завiраксу прыйшоў беларускi ацыклавiр, да таго ж “Белмедпрэпараты” наладзiлi выпуск уласных процiгерпетычных прэпаратаў — мазяў нуклеавiр i бутамiнафенавая. Нядаўна прадпрыемства змагло замянiць яшчэ адзiн важны i дарагi iмпартны прэпарат — антыбiётык сумамед сваiм азiтрамiцынам. I нават славутая вiягра займела дастойнага канкурэнта ў асобе патэнцагры. На жаль, але пакуль што нават не ўсе ўрачы добра арыентуюцца ў беларускiх лекавых навiнках…
— За 9 дзесяць месяцаў гэтага года аб’ём вытворчасцi новых лекавых сродкаў склаў 22 працэнты ў агульных аб’ёмах нашай вытворчасцi, — паведамiла Таццяна Трухачова. — I толькi засваенне новых лекавых прэпаратаў дазваляе рабiць рэнтабельнай нашу вытворчасць. Сёлета мы завяршылi клiнiчныя выпрабаваннi арыгiнальнага лекавага прэпарата на аснове селена, якi iстотна павышае пераносiмасць хiмiятэрапii. У самы блiжэйшы час у аптэках краiны з’явiцца наш новы прэпарат, якi заменiць традыцыйныя ватна-марлевыя павязкi — гэта сучасныя гiдрагелевыя пласцiны гентамiцына i мiрамiсцiна з антымiкробным уздзеяннем для паскоранага вылечвання ран i апёкаў. Пра фаталон, якi прымяняецца для фотадынамiчнай тэрапii анкалагiчных хворых, ведаюць, напэўна, ужо ўсе. Але мы працягваем клiнiчныя даследаваннi гэтага прэпарата i ўжо даказалi высокую эфектыўнасць яго прымянення ў афтальмалогii для лячэння старэчай слепаты.
Усяго ў гэтым годзе прадпрыемствамi канцэрна “Белбiяфарм” былi засвоены 17 новых лекавых сродкаў, дзевяць з якiх уваходзяць у Пералiк асноўных лекавых сродкаў. За студзень—верасень 2007 года было выраблена лекавых сродкаў на суму 266,3 млрд рублёў — гэта на 14 працэнтаў больш, чым у папярэднiм годзе. Удзельная вага новай прадукцыi ў агульных аб’ёмах вытворчасцi склала 19,4 працэнта. На экспарт за восем месяцаў было адпраўлена прадукцыi на суму 35,6 млн долараў (114,5 працэнта да адпаведнага перыяду 2006 года).
Напрыканцы верасня Мiнiстэрствам аховы здароўя быў перагледжаны Пералiк лекавых сродкаў айчыннай вытворчасцi, абавязковых для наяўнасцi ў аптэках усiх формаў уласнасцi. У новую рэдакцыю Пералiку ўвайшло 171 найменне (выключана 19 найменняў i 34 лекавыя формы i ўключаны 16 найменняў i 29 лекавых формаў). Неабходнасць штогадовага перагляду Пералiку абумоўлена тым, што за год фармпрадпрыемствамi краiны засвойваецца выпуск новых лекавых сродкаў, у некаторых лекаў заканчваецца тэрмiн дзеяння рэгiстрацыйных пасведчанняў або прэпараты плануецца знiмаць з вытворчасцi. Пералiк распрацоўваецца з улiкам пажаданняў айчынных фiрмаў-вытворцаў усiх формаў уласнасцi i РУП “Белфармацыя” i скiраваны на забеспячэнне даступнасцi для насельнiцтва самых масавых i недарагiх лекавых прэпаратаў.
Увогуле, паводле ацэнак экспертаў, сярэднестатыстычны беларус пакiдае ў аптэках штогод 46 долараў ЗША. Рэйтынг вядучых па аб’ёмах продажу лекавых сродкаў узначальваюць у Беларусi эналапрыл i мiлдранат, а ў Расii, напрыклад, актавегiн i вiягра.
Надзея НIКАЛАЕВА Звязда
Белоруска победила в конкурсе «Миссис Вселенная — 2024»
Белоруска Наталья Дорошко завоевала титул победительницы конкурса красоты «Миссис Вселенная — 2024», сообщают организаторы в социальных сетях.
Читать