Расія ў чарговы раз павысіла кошты на газ для беларусаў. І Беларусь адразу ж нагадала пра абяцаны раней крэдыт у два мільярды долараў. Куды пайшлі атрыманыя раней 1,5 мільярда і для чаго нам трэба яшчэ больш? Дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў кажа, што пакуль крэдыты даюць, іх трэба браць. А на што яны ідуць – гэта ўжо справа дзясятая.
Нагадаю, што самы буйны крэдыт за ўсю сваю гісторыю Беларусь атрымала ад Расіі ў снежні мінулага года. Цяпер мы просім яшчэ больш – 2 мільярды долараў. Для Беларусі гэта вялікая сума. Знешні доўг нашай краіны сёння складае каля двух з паловай мільярдаў долараў. Новы крэдыт адразу ж павялічыць доўг больш чым удвая. Ці не пагражае нам гэта дадатковай залежнасцю ад Расіі?
Былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч расійскі крэдыт параўноўвае з бясплатным сырам у мышалоўцы: “Апроч іншага тут ёсць палітычны складнік… Існуе праблема паглынання Расіяй Беларусі, таму трэба больш асцярожна ставіцца да гэтага бясплатнага сыру, які кладзе ў мышалоўку Расія”.
Калі ж адыйсці ад палітыкі, то для эканомікі Беларусі такі доўгатэрміновы льготны крэдыт выгадны.
Станіслаў Багданкевіч: “…такія крэдыты выгадныя для эканомікі Беларусі. Таму я нічога дрэннага не бачу ў тым, калі б адначасова ўрад Беларусі праводзіў сістэмныя рынкавыя рэформы, калі б накіроўваў іх на тэхналагічнае і тэхнічнае пераўзбраенне, на ўкараненне нанатэхналогій… Калі б была такая нацыянальная праграма”.
Але, на жаль, такога няма, дадае былы старшыня галоўнага банка краіны.
Дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў упэўнены, што Беларусь не застанецца ў неадплатным даўгу перад Расіяй. Задзел, дзякуй богу, яшчэ ёсць: у бюджэце на 2008 год максімальны ліміт знешняга дзярждоўгу ўстаноўлены на ўзроўні 4 мільярдаў долараў.
Міхаіл Кавалёў: “Гэта ні ў якім разе не небяспечна – знешняя пазыка Беларусі ў адносінах да валавога прадукту адна з самых маленькіх у свеце… Я думаю, што калі грошы прыходзяць, то што тут думаць, патрэбныя яны альбо не. Прыходзяць – трэба іх выкарыстоўваць”.
Былы старшыня Нацбанку мае іншае меркаванне. Станіслаў Багданкевіч кажа, што пазычаючы такімі тэмпамі, мы хутка можам стаць некрэдытаздольнымі. Ужо сёння доля ўсіх крэдытаў у адносінах да валавога прадукту перавысіла 50%. А гэта вельмі дрэнны паказчык.
Станіслаў Багданкевіч: “…Калі яшчэ пройдзе нейкі час, мы можам стаць некрэдытаздольнымі, і нас ужо не будуць так ахвотна крэдытаваць”.
Цікава, што на фоне ўсіх запазычанасцяў залаты запас Беларусі працягвае расці. За першы квартал гэтага года золатавалютныя рэзервы павялічыліся амаль на 500 мільёнаў долараў і склалі $5,5 мільярдаў. У асноўным запас папоўніўся за кошт таго ж крэдыту. Станіслаў Багданкевіч называе такое накапленне штучным, а залаты запас – віртуальным.
Станіслаў Багданкевіч: “Тут ідзе такое штучнае накапленне за кошт атрыманых крэдытаў. Крэдыты ж трэба будзе пагашаць, таму, калі, скажам, мы сёння пагасім тыя пазыкі, якія маем, у нас рэзерваў было б нуль цэлых і нуль дзесятых. Ну, была б невялічкая сума рэзерваў. На самой справе, гэты ўвесь рэзерв віртуальны, таму што ён зроблены не за кошт перавышэння экспарту над імпартам, не за кошт продажу ўласнаснасці, а за кошт атрыманых пазыкаў.
Калі мы атрымліваем пазыку ў доларах, і адразу не трацім, то яны могуць нейкі час у нас ляжаць як рэзерв. Але рублі на гэтую ж суму пайшлі ў эканоміку, яны патрачаныя”.
Таму, каб пагасіць гэтыя пазыкі, трэба будзе гэтыя рублі ізноў пераводзіць у долары альбо еўра, каб пагашаць крэдыт. Але рублёў можа ўжо і не быць.
А што будзе мець звычайны беларус з двухмільярднага расійскага крэдыту? Калі нашыя ўлады раптам аддадуць грошы свайму народу, то на кожнага чалавека атрымаецца па 200 долараў. Адпаведна, калі падзяліць крэдыт сярод працаздольнага насельніцтва, то кожны атрымае 400 долараў. А гэта – больш за адзін сярэдні беларускі заробак. Што ж, месяц можна было б не працаваць. Але думаецца, што з атрыманнем пазыкі, працаваць давядзецца яшчэ больш.
Наста Ігнатовіч
Исполком будет согласовывать руководителей частных компаний?
Местные власти в республике могут обрести расширенные полномочия в области кадровых решений в различных структурах.
Читать