Знайшлі галовы забітых зуброў. Затрыманыя работнікі лясгаса

Знайшлі галовы забітых зуброў. Затрыманыя работнікі лясгасаГаловы трох забітых зуброў знайшлі аператыўныя работнікі міліцыі ў суботу, 4 лютага, у лесе каля вёскі Яцкава. Міліцыя затрымала двух работнікаў валожынскай лясной гаспадаркі, якія могуць мець дачыненне да незаконнага палявання.

Як раней паведамлялася, вечарам у пятніцу, 3 лютага, работнікі стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце РБ у лесе каля Яцкава знайшлі абезгалоўленых жывёлін.

Начальнік Валожынскага раённага аддзела следчага камітэта Віталь Юрэвіч расказаў нашаму выданню: галовы былі схаваныя недалёка ад цел.
Па словах Віталя Юрэвіча, аднаго работніка лясгаса па падазрэнні ў дачыненні да злачынства затрымалі ў суботу, другога – у нядзелю. Цяпер яны даюць паказанні па незаконным адстрэле жывёл у рамках узбуджанай крымінальнай справы па незаконным паляванні, здзейсненым у буйным памеры.

Па папярэдніх дадзеных, валожынскія леснікі суправаджалі групу расійскіх паляўнічых, адзін з якіх і выстраліў па зубрах.
Затрыманыя цяпер знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Вырашаецца пытанне па заключэнні іх пад варту.

You might also like