У Гродне паднялі руку на Стары замак

Негледзячы на адсутнасць зацверджанага праекта, пачалася рэканструкцыя гістарычна-архітэктурнага помніка сусветнага значэння.
У любой цывілізаванай краіне перад пачаткам рэстаўрацыі ці рэканструкцыі гістарычнай пабудовы вядзецца грамадская дыскусія. Людзі могуць нават уплываць на распрацоўку праекта архітэктурнай спадчыны. У Беларусі ж схема захавання спадчыны пабудавана да прымітыўнасці проста: будынак знішчаюць, а на яго месцы ўзводзіцца новадзел.
Па такой варварскай традыцыі гарадзенскія ўлады вядуць рэканструкцыю гістарычнай часткі горада. Насуперак здаровай логіцы і аўтарытэтнаму меркаванню вучоных. Знішчаюцца гістарычныя пабудовы без усялякага жалю. Помніцца, спытаў у аддзеле аховы помнікаў гісторыі і культуры гарвыканкама, чаму знеслі будынак мельніцы супраць заапарку. Дык мне яго загадчыца адказала, што ў мэтах пашырэння дарогі. Праз некалькі месяцаў на тым жа месцы, нават бліжэй да праезджага палатна, стаяла пабудова з сілікатных блокаў. Адзін былы чыноўнік неяк мне сказаў:
— Ды мне было напляваць, з чаго будзе пабудавана сцяна — ці з цэглы мінулых стагоддзяў, ці з сілікату. Галоўнае адрапартаваць: сцяна пабудавана!
Таму вестка аб пачатку работ на замчышчы грамадскасцю горада ўспрынята без аніякага энтузіязму. Такое ўражанне, што гарадскія ўлады не ўсведамляюць, што шмат чаго не дастае, каб пачынаць справу. Вось меркаванне гісторыка, аўтара выдатнай навуковай кнігі «Магдэбургская Гародня» Юрыя Гардзеева:
— Стары замак — самая вялікая наша каштоўнасць мінуўшчыны. Мала нават еўрапейскіх гарадоў, дзе захаваліся каралеўскія замкі. Мы маем аж два. Цэлы замкавы комплекс. А на Беларусі ўвогуле замкаў амаль не засталося. Важна мець на ўвазе пры пачатку работ, што замкавая гара пачала забудоўвацца на мяжы ХІ-ХІІ стагоддзяў. Спачатку замак быў драўляны з адной мураванай сцяной. Потым забудоўваўся і перабудоўваўся. На маю думку, ёсць два шляхі: пакінуць замак у такім выглядзе, як сёння. Альбо, калі прыступаць да яго рэканструкцыі, то толькі паводле сусветных методык.
І ўсё ж, нягледзячы на непадрыхтаванасць да рэстаўрацыйнай працы, яна ўжо ідзе. Яе кіраўнік, менскі архітэктар Уладзімір Бачкоў працуе ў «Гроднаграмадзянпраекце» з верасня мінулага года і з’яўляецца навуковым кіраўніком аб’екта. Старым замкам і ідэяй яго ўзнаўлення, менавіта так ён называе гэтую рэстаўрацыю, займаецца з сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Спачатку ён планаваў зберагчы: ХІІ стагоддзе — гатычную эпоху Вітаўта і ХVІ стагоддзе — Рэнесанс Стэфана Баторыя. Аднак ідэя не прыжылася. Сёння, па словах Бачкова, засталася толькі рэнесансная ідэя.
— Цяпер мы распрацоўваем эскізныя рашэнні ўсяго комплексу, і заказчык прыспешвае нас. Хочам прыступіць у першую чаргу да фрагментаў вежавай галерэі і вежы ад Нёмана. Аднак трэба спачатку паглядзець фундаменты, ці ёсць на іх высалы і макроты, а затым правесці гарызантальную і вертыкальную гідраізаляцыю. Уся складанасць у тым, што замак неаднаразова перабудоўваўся кожнае стагоддзе.У ім скляпеністыя памяшканні, лесвіцы двух узроўняў. Мяркую, што пад імі ёсць і сутарэнні. Трэба адкопваць браму, яна з трэшчынамі, сцены рухаліся. Але, паўтараю, першапачаткова трэба даследаваць фундамент.
Як атрымаецца на самой справе, пакуль невядома. Супакойвае ў пэўнай ступені тое, што сам Бачкоў разумее ўсю адказнасць як і тое, што працы тут непачаты край. Аднак не поўніцца аптымізмам доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч. Яго непакоіць адсутнасць зацверджанага праекта. А рэканструкцыя ўжо пачалася… На яго думку, патрэбна дэталёвая распрацоўка кожнага фрагмента будынка. Гэта звычайна вымагае болей часу, чым сама рэканструкцыя. Але больш за ўсё баіцца гісторык — непрафесійнасці. Ён працягвае:
— У нас для такой справы няма майстроў-спецыялістаў. Часта і кіраўнікі — людзі без ведаў. Яны не разумеюць, што руіны робяць большае ўражанне, чым новадзелы з сучасных матэрыялаў. Прыклад невуцтва — «рэстаўрацыя» Нясвіжскага замка і Верхняга горада. Такім чынам вынішчаецца гістарычная спадчына Беларусі і яе сутнасць. Таму грамадскасці, і не толькі ў Гародні трэба прымусіць уладу, каб Стары замак тэрмінова паставілі на КАНСЕРВАЦЫЮ. Нельга даваць псаваць нашы каштоўнейшыя помнікі.
Спачатку трэба пабудаваць нармальную сістэму рэстаўрацыі — навучыць кадры, стварыць адпаведную матэрыяльную базу.
Няма ў Беларусі і заводаў, якія робяць вялікапамерную гатычную цэглу ці дахоўку па старажытных рэцэптах спецыяльна для пабудоў мінуўшчыны. А таму і Стары замак можа напаткаць лёс Брыгіцкага манастыра ў Гародні. На ім некалі была аўтэнтычная дахоўка. Яе скінулі, растапталі, а замест прыбілі бляху-чарапіцу… Знішчылі такім чынам непаўторную ауру гэтай пабудовы.
А тым часам дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ўзахлёб ужо пачалі раскручваць і прапагандаваць «рэстаўрацыю» Старога замка.
Алесь ВАСІЛЬКОЎ, BulletinOnline

You might also like