Зварот Аляксандра Мілінкевіча да беларускага народу з нагоды святкавання 90-х угодкаў БНР

Зварот Аляксандра Мілінкевіча да беларускага народу з нагоды святкавання 90-х угодкаў БНРДарагія суайчыннікі! Шаноўныя сябры! Кожны год 25 сакавіка мы святкуем Дзень Волі – дзень, які стаў святам беларускай душы, падставай для найвялікшага гонару за народ Беларусі.

90 гадоў таму 25 сакавіка 1918 найлепшыя сыны нашае зямлі зрабілі мужны крок і заявілі ўсяму свету пра жаданне і права беларусаў мець сваю вольную незалежную дэмакратычную дзяржаву – Беларускую Народную Рэспубліку.

Сваёй самаахвярнай працай на карысць Айчыны заснавальнікі БНР ды іхныя паслядоўнікі заклалі падмурак незалежнасці нашай краіны. Гісторыя даказала, што яны выказвалі волю мільёнаў беларусаў.

Цягам трагічнага 20-га стагоддзя наш народ марыў пра сваю дзяржаву. У 1991 годзе незалежнасць Беларусі была адноўлена. Аднак толькі беcпасярэдняя воля народу, выражаная ў актыўным чыне, здольная стварыць трывалую дзяржаву.

Сёння ўсім нам належыць шанаваць дасягненні нашых вялікіх продкаў і працаваць далей дзеля Свабоды, Незалежнасці, нацыянальнага адраджэння і росквіту нашай любай краіны.

Зробім так, каб светлае свята 25 сакавіка прыйшло ў кожны беларускі дом і сям’ю. Пакажам моц беларускага духу і веры! Годна ўздымем у гэты дзень святыя бел-чырвона-белыя штандары з “Пагоняй”!

Нас ёсць, было і будзе шмат і мы пераможам!

Жыве Беларусь!



Огигинал новости «Зварот Аляксандра Мілінкевіча да беларускага народу з нагоды святкавання 90-х угодкаў БНР»   -
«Новости на ВОЛОЖИН.com»   -