Палітычная Рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў прыняла стратэгію дзейнасці агульнанацыянальнай кампаніі “ЗА СВАБОДУ”
22 траўня ў Мінску прайшло паседжанне Палітычнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС), на якім была прынятая двухгадавая стратэгія дзейнасці агульнанацыянальнай кампаніі “ЗА СВАБОДУ”. Галоўнай мэтай агульнанацыянальнай кампаніі “ЗА СВАБОДУ” будзе дасягненне свабодных выбараў.
- Спосабы гэтага дасягнення – самыя розныя. Гэта цэлы шэраг кампаніяў, якія маюць комплексны характар, такія, як інфармацыйная, сацыяльная, ці кампанія грамадскага ціску на ўладу, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.
Сябры Палітрады зацвердзілі таксама, што да моманту рэарганізацыі арганізацыйных структураў АДС выканаўчыя функцыі будуць выконваць структуры былога Штаба Адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Вырашана, што Палітычная рада і Выканаўчы камітэт АДС працягваюць сваю дзейнасць, пры гэтым цэнтральны і рэгіянальныя штабы мусяць быць пераўтвораныя ў выканаўчыя камітэты Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, мэтай дзейнасці якіх будзе ажыццяўленне агульнанацыянальнай кампаніі “ЗА СВАБОДУ”. |