Аляксандр Мілінкевіч лічыць неўдалым удзел апазіцыі ў мясцовых выбарах і называе нездавальняючай падрыхтоўку Кангрэса дэмсіл

Аляксандр Мілінкевіч лічыць неўдалым удзел апазіцыі ў мясцовых выбарах і называе нездавальняючай падрыхтоўку Кангрэса дэмсілЛідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч даў ацэнку хадзе палітычнай кампаніі “мясцовыя выбары” і падрыхтоўцы чарговага Кангрэса дэмакратычных сіл.

На думку Аляксандра Мілінкевіча: “Любыя заявы сёння кіраўнікоў палітычных партый аб зняцці дэмакратычных кандыдатаў сведчаць пра неўпэўненасць у сілах гэтых кіраўнікоў, якія, так і не здолелі арганізаваць шырокаразрэкламаванай агульнанацыянальнай палітычнай кампаніі “мясцовыя выбары”.

- На больш як 24 тысячы акругаў, апазіцыйныя палітычныя партыі выставілі разам менш за 1000 кандыдатаў, але і гэта лічба, па звестках інфармаваных людзей, завышаная ледзь не ў два разы. У некаторых выпадках, нават вядучыя палітыкі, спрабуючы зарэгістравацца, не змаглі фармальна выканаць элементарныя патрабаванні заканадаўства.

Склалася ўражанне, што лідэры партый не ведалі ў якіх умовах давядзецца праводзіць выбарчую кампанію. Размовы пра тое, што ўлады не друкуюць улёткі, забараняюць сустрэчы – гучаць не пераканаўча. Мы дзейнічалі па схеме – падавай заяўку, звяртайся да ўладаў, не дазваляюць, шукай магчымасці і праводзь сустрэчы.
Сёння канстатую, што палітычную кампанію “мясцовыя выбары” можна назваць неўдалай. Нашы прапановы – адзіная палітычная кампанія, адна каманда, адно пасланне, адзін сцэнар – не былі падтрыманыя. Таму, хто як хацеў, так у выбарах і ўдзельнічаў.
У гэтых умовах мы вымушаныя былі зрабіць тое, што магчыма – збіралі подпісы, сустракаліся з выбарцамі, дэмакратычным актывам у 26 гарадах Беларусі. Да дня выбараў папрацуем яшчэ ў 15 населеных пунктах. Трэба да канца выкарыстаць усе магчымасці для інфармавання людзей і толькі пасля прымаць рашэнне здымаць ці не здымаць кандыдатаў, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.

Ацэньваючы падрыхтоўку дэмакратычных сіл да Кангрэсу, Аляксандр Мілінкевіч звярнуў увагу на невыкананне пагаднення, падпісанага палітычнымі партыямі і зацверджанага Палітычнай радай:

- Пагадненне аб правядзенні Кангрэса, падпісанае кіраўнікамі палітычных партый і зацверджанае Палітычнай Радай, не выконваецца па прынцыповых пытаннях. Гэта падрывае давер, як да Палітрады так і да самога Кагнрэса. Сёння некаторыя партыі называюць астранамічныя лічбы сваіх вылучэнцаў на Кангрэс. Журналісты пачынаюць высвятляць, аказваецца, што сапраўдныя лічбы ў дзесяткі разоў меншыя.
Таму падрыхтоўку да Кангрэса пакуль можна лічыць нездавальняючай. І самае кепскае, што шэраг кіраўнікоў партый не дэмантруе волі змяніць сітуацыю ў лепшы бок, - лічыць лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч.



Огигинал новости «Аляксандр Мілінкевіч лічыць неўдалым удзел апазіцыі ў мясцовых выбарах і называе нездавальняючай падрыхтоўку Кангрэса дэмсіл»   -
«Новости на ВОЛОЖИН.com»   -