FM-станцыям даведзена ставіць болей песень па-беларуску

Намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук у інтэрв’ю газеце “Культура” распавёў падрабязнасці карэктавання так званага “правіла 75%” у эфіры радыёстанцый. У прыватнасці, наконт уведзенай днямі, з 15 верасня, нормы выканання гэтай квоты не абы-калі, а ў прайм-тайм.
Між тым пайшлі чуткі, что неўзабаве ўвядуць квоту і на беларускамоўныя кампазіцыі. Ці праўда?
Чыноўнік Мінінфармацыі называе рашэнне наконт парйм-тайму “чарговым крокам у дбайным выкананні пастаўленых дзяржавай задач, скіраваных перадусім на развіццё беларускай культуры. Сёння ўсе радыёстанцыі прытрымліваюцца 75-працэнтнай квоты на беларускую музыку, але некаторыя з іх — падкрэслю: далёка не ўсе — ставяцца да гэтай справы фармальна, і песні айчынных выканаўцаў на іх хвалях гучаць у найменш рэйтынгавы час — скажам, уночы, калі радыё амаль ніхто не слухае. Таму мы прапанавалі ўсім радыёстанцыям у верасні змяніць сетку свайго вяшчання такім чынам, каб айчынная музыка гучала менавіта ў прайм-тайм, займаючы тры яго чвэрці”.
Паводле словаў Аляксандра Слабадчука, “прайм-тайм, або рэйтынгавы час, — гэта адмежкі ад 7 да 10 раніцы, з 12 да 15 і з 19 да 22 гадзін. Таму варта адзначыць, прынамсі, дзве акалічнасці. Па-першае, увесь астатні час плей-ліст радыёстанцый рэгламентавацца не будзе. І, па-другое, часавыя межы гэтага паняцця могуць ссоўвацца ў залежнасці ад канкрэтных выпадкаў. Скажам, калі ў сетцы вяшчання той ці іншай радыёстанцыі размясцілася аўтарская перадача, якая пачынаецца апоўдні, мы не будзем прымушаць радыйшчыкаў пераносіць яе на іншы час і замяняць музычным блокам. Тое ж самае тычыцца і праграм па заяўках. Прапанаваная намі канцэпцыя вяшчання — зусім не жорсткая схема, наадварот: мы практыкуем індывідуальны падыход, з улікам творчых асаблівасцей вяшчання кожнай станцыі, якія, безумоўна, вымагаюць павагі. Новаўвядзенні не павінны кардынальна закрануць сетку вяшчання, пазбавіць станцыю звыклага для слухачоў аблічча”.
Што да рэакцыі ў асяроддзі радыйшчыкаў: “Некаторыя з іх баяцца змяншэння ўвагі рэкламадаўцаў і, адпаведна, грашовых паступленняў. Тым болей, рэкламны час у прайм-тайм, вядома ж, найдаражэйшы.Не буду адмаўляць гэтую праблему, аднак не лічу яе невырашальнай. Проста, грошы трэба умець зарабляць, і, калі разабрацца, гэтай магчымасці мы нікога не пазбаўляем. Але, у той самычас, не варта забывацца і на сваю культурную місію: папулярызаваць айчынную музыку, спрыяць яе развіццю. Пагадзіцеся, было б вельмі недарэчным, калі б замежнік, які прамінае нашу краіну транзітам на сваім аўтамабілі, за праведзеныя тут гадзіны не пачуў ніводнай беларускай песні, ніводнага слова на нашай мове. Як тады яму давесці, што ён падарожнічае па тэрыторыі незалежнай дзяржавы з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі? Таму грошы грашыма, але трэба заўжды думаць і пра нацыянальныя гонар і годнасць”.
Аднак беларускамоўны сегмент музычнага эфіру па-ранейшаму мізэрны. Таму чутны і прапановы стварыць пэўную квоту і для яго.
Вось што кажа наконт гэтага намеснік міністра інфармацыі: “Шчыра кажучы, мне шкада, што гэтае пытанне наогул у нас паўстае. Чаму трэба кагосьці прымушаць ставіць у эфір песні па-беларуску? Гэтая патрэба павінна быць цалкам натуральнай — бо яна адлюстроўвае пачуццё нацыянальнай годнасці. Тым болей, у нас назапашана цэлая скарбонка выдатных музычных твораў з сакавітым беларускім словам: ад знакамітых на ўвесь свет “Песняроў” да самых сучасных рытмаў. Беларуская мова павінна гучаць на радыёхвалях, гэта несумненна. Таму рэкамендацыі, з якімі мы нядаўна звярнуліся да FM-станцый, утрымліваюць і пажаданне павялічыць аб`ём беларускамоўных твораў. Спадзяюся, людзі, якія вызначаюць музычную палітыку станцый, да іх прыслухаюцца. Бо адміністрацыйным рэсурсам, як кажуць, усё не зробіш. Хацелася б, каб жаданне як найчасцей чуць у эфіры родную мову арганічна сфарміравалася ў сэрцах і свядомасці кіраўнікоў і дзі-джэяў радыёстанцый”.

You might also like