Дзядзьку Рыгору патрэбна дапамога

Дзядзьку Рыгору патрэбна дапамогаНародны паэт Беларусі Рыгор Барадулін ізноў трапіў у бальніцу. Сябры, аднадумцы і прыхільнікі творчасці 73-гадовага Дзядзькі Рыгора вырашылі падтрымаць яго фінансава і зладзілі дабрачынную акцыю. На сёння заклік дапамагчы атрымаў водгук болей як ста чалавек. «Зараз Дзядзька Рыгор у лякарні. Ягоны фінансавы стан цяжкі. Як чалавеку гранічна шчыраму, які жыве на пенсію і не атрымлівае гранты, чакаць дапамогі яму няма адкуль. Ды і пенсія ў Народнага паэта — самая звычайная. За кніжкі, якія часта выходзяць у Рыгора Барадуліна, замест ганарараў ён атрымлівае шматлікія аўтарскія асобнікі. Вось і было прынятае сумеснае рашэньне выставіць гэтыя кнігі на продаж», — такі зварот быў размешчаны ў блогу маладога сябра паэта Глеба Лабадзенкі, а потым падхоплены і перадрукаваны іншымі інфармацыйнымі рэсурсамі. Асобна сябры паэта адзначаюць, што сам Барадулін не мае да гэтай акцыі ніякага дачынення. Узнагародай для кожнага, хто вырашыць спрычыніцца да набыцця друкаваных твораў, будуць аўтографы ад самога класіка. Каб набыць кнігі, сябры паэта прапануюць пакідаць запыты на скрынку labadzenka@gmail.com, у лісце пазначыўшы свой кантактны тэлефон, колькасць асобнікаў, каму падпісваць і памер ахвяравання. Кнігі, выстаўленыя на дабрачынны продаж «Дажыць да зялёнай травы… Ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960-2003)» Укладаньне Сяргея Шапрана. Мяккая вокладка, 259 старонак, рэдкія каштоўныя фотаздымкі, аўтографы вершаў і лістоў. Пачатковы кошт гэтага выдання — 12 тысяч рублёў. Шчодрасць, безумоўна, вітаецца. Сябры паэта падкрэсліваюць, што грошы ў дадзеным выпадку ідуць непасрэдна класіку, таму кошт фактычна фармальны. Тут кожны вольны выбіраць па ўласных сродках. «Выбранае» з серыі «Беларускі кнігазбор» Цвёрдая вокладка, 600 старонак.
Сябры паэта таксама заклікаюць далучацца да арганізацыі дабрачыннай акцыі, у прыватнасці, дапамагаць перадаваць кнігі ў іншыя гарады — Полацк, Рэчыцу, Жлобін, Маладзечна, Магілёў, Светлагорск, Салігорск, Брэст, Гродна… Паўсюль, дзе знайшліся ахвотныя дапамагчы. Глеб Лабадзенка кажа, што здароўе Народнага паэта зараз вельмі слабое — адгукаюцца гады той маладосці, калі ён не асабліва сабой апекаваўся. Сам Барадулін не хавае, што вёў дастаткова багемны лад жыцця, і зараз адзначае чарговыя гадавіны з моманту, калі кінуў ужываць алкаголь. — Летам, калі ён ездзіць на радзіму на Ушаччыну, ён нібы ажывае, маладзее, — кажа Лабадзенка, які, між іншым, таксама паэт, — а прыходзяць халодныя восеньскія часы, і часам нават па тэлефоне чуваць, што ён вельмі слабы. Глеб вельмі ўражаны колькасцю тых, хто ўжо паўдзельнічаў у акцыі. — Мяне цешыць, што большасць людзей успрыняла нашу прапанову менавіта як дабрачынную акцыю, а не як распродаж кніг, — адзначае Лабадзенка. — Мы адразу папярэджвалі, што ў кнігарні кошт падобных асобнікаў меншы, што мы тут збіраем грошы для Барадуліна, а не ладзім кніжную ярмарку. І менавіта так наш заклік успрынялі — ахвяруюць хто сто еўра, хто сто тысяч. Большасць купляе кнігі за пяцьдзесят тысяч. Ёсць людзі, якія набываюць кнігі па сабекошце, тлумачаць у лістах, што не маюць грошай, але адчуваюць патрэбу паўдзельнічаць. Вельмі радуе, што і на заклік дапамагаць з распаўсюдам у іншых гарадах ужо ёсць прапановы. Людзі як быццам адно адному дапамагаюць атрымліваць гэтыя кнігі. Лабадзенка кажа, што пытанне дабрачыннага продажу кніг — вельмі далікатнае, і самому паэту пра мэты акцыі наўпрост не кажуць: — Ён творчы чалавек, ад яго не заўсёды ведаеш, чаго чакаць. Калі на вечарыны яго клічуць, ён можа пагадзіцца, а потым не прыйсці. Ды і на інтэрв’ю ён звычайна пагаджаецца неахвотна. Таму кожны раз, калі Барадулін трапляе ў бальніцу, многія гэта ўспрымаюць як магчымасць простай сустрэчы. Цэлыя паломніцтвы да яго ў палату арганізоўваюцца. Праўда, по словах Глеба, настрой у апошняга беларускага паэта, які атрымаў званне Народнага, ад весткі пра тое, што ладзіцца продаж яго кніг, адразу падняўся. Будзем спадзявацца, што ўсведамленне чытацкай цікаўнасці і актыўнасці вяртае паэтам здароўе.

You might also like