У Валожыне пачалі будаваць дамы на месцы масавых расстрэлаў

У Валожыне на месцы стадыёну, дзе ў другую сусветную вайну немцы расстрэльвалі яўрэяў, распачаліся падрыхтоўчыя працы для будаўніцтва жылых дамоў. Цікава, што робіцца гэта акурат у 70-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад гітлераўцаў, якая шырока святкуецца ўладамі.

Будаўніцтвам займаецца кампанія «Трайпл» алігарха Юрыя Чыжа. Першапачаткова сцвярджалася, што пытанне будаўніцтва будзе абмеркаванае разам з навакольнымі жыхарамі, але 17 чэрвеня працоўныя распачалі бурыльныя працы, кажа каардынатар аргкамітэту БХД у Валожыне Георгі Каржанеўскі.

Паводле яго словаў, работнікі не даюць яму падыходзіць і фатаграфаваць іх, вінавацяць у тым, што ён ім перашкаджае.

Апроч таго, што жылыя дамы будуюцца на тэрыторыі былых масавых расстрэлаў, існуе вялікая пагроза таго, што працы могуць пашкодзіць дрэнажную сістэму, якая збудаваная тут яшчэ за польскім часам.

«Прарвецца водная жыла і ўсё затопіць», — адзначае Георгі Каржанеўскі.
«Трэба спыняць гэтае будаўніцтва і пачаць размаўляць з людзьмі», — падкрэслівае ён, дадаючы, што супраць будаўніцтва выступаюць многія мясцовыя жыхары.

You might also like