29 января 2008 | Общество
“Мы набылі 3 балончыкі спецыяльнай аэразолі і наносім яе на вопратку маламаёмасным людзям у сельскай мясцовасці замест флікераў. Каб забяспечыць народ”, - сказаў Еўрарадыё начальнік Салігорскай ДАІ Валянцін Сяўрук. Па краіне штодня штрафуюць да 700 пешаходаў без флікераў.
Як даведалася Еўрарадыё, ДАІшнікі флікер мець рэкамендуюць. Але могуць аштрафаваць за яго адсутнасць нават на асветленым пешаходным пераходзе.
Праўда, толькі ў тым выпадку, калі на вуліцы туман альбо ідзе снег ці дождж, і пешахода цяжка заўважыць. Пра гэта Еўрарадыё расказаў начальнік салігорскага ДАІ Валянцін Сяўрук.
Валянцін Сяўрук: “Здараюцца наезды на пешаходаў, хоць той і знаходзіцца на пешаходным пераходзе на асветленым участку дарогі. І наезды гэтыя адбываюцца, калі наступаюць неспрыяльныя ўмовы надвор’я - мокры снег, дождж. Калі ўсё зліваецца і кіроўцы складана ўбачыць пешахода на пешаходным пераходзе. Таму ён павінен абазначыць сябе святлоадбівальным элементам”.


